Б. Г.
Вілія, Вілія,
Ціхаплынная сонная рэчка,
На крутым беражку гарадок,
На другім беражку паплавы,
А за імі ружовае мора
Квітнеючай грэчкі,
Аблямоўкаю сіняй удалечы
Бор векавы...
Па зялёных завулках,
Па густа зарослых садочках,
Друг мой мілы, з табою
Блукаў супакоены я,
І журчала гаворка сардэчная,
Бы ручаёчкі,
Што збягалі уніз, дзе цячэ
Вілія, Вілія...
Над Вілейкаю ціша,
У прыцемку сцелецца вечар
Ды мелодыя песні дзявочай
Ліецца здаля;
Над вадою
Нахіленых вербаў
Гамонкае веча,
Ціхамірная, чуе праз сон
Вілія, Вілія...
Я маўчу, ты маўчыш,
Друг мой добры, адкрыты і мілы,
З кім на схіле гадоў
Падсумоўваю вынікі я
Усяму, што было,
Чым удосталь жыццё надзяліла...
І сляды нашых ног
Зараўноўвае ўслед
Вілія...
Цішыня...
Толькі падаюць словы,
Як волава кроплі,
Гэта голас сумлення,
Суровая споведзь мая...
Стому з цяжкіх павек
Ты згані, вецер ціхі і цёплы,
Пыл нялёгкіх дарог
Змый вадзіцай сваёй,
Вілія!..
Ноч.
Нябёс халадок
Лье Мядзведзіцы коўш сямізорны,
Росны водар травы
Прагна п’е
Перагрэтая сонцам зямля...
Як я ўдзячан табе
За спакой, што табою падоран,
Ціхаплынная рэчка-краса,
Вілія, Вілія!..
1959