Ён ідзе па зямлі, ён ляціць над зямлёй
Спадарожнікам светлых надзей чалавецтва,
Ціха рунню на полі шуміць маладой,
Заглядае рупліва ў засекі і клеці...
Над іржышчам танюткія ніткі прадзе,
Каб яны ў нерухомым паветры луналі,
То над цэхам вясёлым гудком прагудзе,
То залье сінявою празрыстыя далі.
Вось і сёння прыйшоў.
Як дзівосны маляр,
Сыпануў поўнай жменяй гарачыя фарбы:
І заззяла ў ста колерах маці-зямля,
Раскрываючы восені дзіўныя скарбы...
Па лясах, па садах ён прайшоў кагадзе —
Азалочаны ўсе, нават кволай рабіне
Ён такія каралі на шыю надзеў,
Што палаюць ярчэй самацветаў-рубінаў.
Завітаў ён прыветліва ў кожны наш дом,
Панасыпаў засекі янтарнай пшаніцай,
Спелых яблык натрос, што прапахлі віном,
Прыгуменні засыпаў калючай кастрыцай.
За багатым сталом пасядзеў — і з двара,
Кінуў жменю праменняў на плечы сталіцы,
Дзе барвянай лістотаю паркі гараць,
Дзе да шэрага неба растуць камяніцы...
Па праспектах прайшоў, зазірнуў у дамы:
Ці дароблена ўсё да вялікае даты?
Паглядзеў, як плывуць мірнай працы дымы,
Як ідуць у страі маладыя салдаты...
І малы і вялікі сустрэчы з ім рад,
І вышэй галаву падымае прывычна...
Нездарма кажуць так: залатая пара,
Залатая пара чалавецтва — Кастрычнік!
1959