Дзе маланак зіхоткія стрэлы
Білі ў кедры наводкай прамой,
Вартаваў, ад самоты здзічэлы,
Я тайгі першабытны спакой.
Па імшарынах, падзях гарэлых,
Дзе шуршэў прэлы ліст пад нагой,
Мне трапляўся гуран адурэлы,
Я вітаўся не раз з кабаргой.
Прабіваў цемрадзь ночы кароткай
Зыркі ранак праменным кап’ём,
А мне чуліся родныя ноткі,
Пошчак плешчаніцкіх салаўёў...
І сціскалася болем салодкім
Беларускае сэрца маё.