Мы золата мылі ў даліне ракі,
Мы тачкі ганялі на бункер,
А дзень быў пахмурны і золкі такі,
А сопкі ў зялёных карунках...
А воддаль за насыпам два трактары
На два галасы ракаталі,
Ды часта ўрываліся залпы ў той рытм
І тут жа на момант змаўкалі...
Там мірная праца ішла цэлы дзень,
Хоць быў ён дажджысты і шэры —
Расстрэльвалі там памаленьку людзей,
Загнаўшы сілком у траншэю.
Мне вочы крывавы туман засцілаў,
Калі я глядзеў з эстакады,
Як зладжана, спорна «работу» вяла
Забойцаў-умельцаў брыгада.
Таму ўхаластую й гулі трактары,
Каб голас іх чуўся здалёку,
Каб енк прадсмяротны і роспачны крык
Глушыў іх размераны рокат...
Крычы ва ўсё горла, зглыне ўсё тайга,
Хоць век свой такога не чула,
І слалася ўсхліпам апошнім туга,
І клаліся людзі пад кулі...
Не людзі, а зэкі, а лагерны пыл,
ГУЛАГ каго начыста спляжыў,
Аддаўшы хто рэшткі апошнія сіл,
Віноўнікам стаў сабатажу...
Будзь тройчы пракляты той дзень і той час!
Мне сэрца нянавісць спаліла,
Калі замільгала раптоўна ў вачах
Забойцы агіднае рыла.
Ён побач са мною, адкормлены кат,
Твар скрыўлены брыдкай грымасай.
— Бягом! — і брахучы пасыпаўся мат: —
— Начальнік заве, вертухайся!
Пад дулам бягу, як запалены конь,
Насустрач ганебнаму скону,
Дзе права расправы — і суд і закон,
Бяспраўе пад маскай закону.
І вось ён той фабрыкі смерці прараб,
Шаленствам налітыя вочы:
— Ты што там рабіў?
— Гнаў пяскі на-гара,
Дзесятнік брыгады рабочай...
— А што ты наверсе рабіў? Падглядаў?
— Адказвай, фашысцкая контра!
— Нічога не бачыў. З падачай бяда.
—Займаўся бягучым рамонтам...
Падумаў.
— Ідзі, чорт з табою, жыві!
Такіх без цябе пад завязку!
...Слязінка адчаю скацілася ў жвір,
А з ёю і быль, а не казка...
-----------
Р. S. Дзень скончыўся. Плён залаты мы знялі
З бутары ні многа ні мала.
Пад стогны глухія з-пад рыхлай зямлі
Бульдозеры насып раўнялі...
1993