Мне пішуць сябры-інжынеры,
Паўночных краёў дружбакі:
Ну як паэтычныя сферы?
Як хлеб зарабляеш цяжкі?
Даўно не прыходзіш на шахту,
Пакінуў кайло і латок,
Ставаць на аўральную вахту
Адвык ты, напэўна, браток?!
Паўночныя нашыя шыры,
Тайгі неабдымны спакой
Змяняў на падманшчыцу-ліру,
На ўтульны і ціхі пакой?!
Не ходзіш ты больш у разведку
Адшукваць пясок залаты
Між сопак, дзе карлікам рэдкім
Паўзуць па адхонах кусты.
А можа, ўжо стаў сібарытам,
Дзяўбеш манатонна адно,
Сшываючы ніткамі рыфмаў
Пашарпаных вершаў радно?!
Твой ліст, атрымаўшы, чыталі
Гуртом, бы ў гадзіны вайны,
Чыталі і бачылі далі
Геройскай тваёй стараны...
Мы й самі жывём не ў зацішку —
Закваска гарняцкая ў нас:
Шуруем як след залацішка
I п’ём за удачы не квас.
Грукочуць магутныя драгі
Па рэчышчах рэчак старых...
Ну, словам, жывём мы няблага,
Твае дружбакі і сябры.
Ну што ж? Адпішу па парадку:
Па-першае, ўсім вам паклон,
З кім жыў-бедаваў у палатках,
З кім дружбу дзяліў без аглядкі,
Як кажа таёжны закон...
Для шахты я ўжо стараваты —
Рука не ўтрымае кайло,
Не тая гарняцкая хватка
І сілы бракуе былой...
Пыл славы не слепіць мне вочы,
Пагардай не крывіцца рот —
Паэзіі чорнарабочы,
Я слаўлю рабочы народ.
Так! Вывучкі нашай суровай
Душа не пазбудзе павек!
Я ў сэрцы ўразаюся словам,
Як колісь забоем у штрэк.
Мне сняцца паўночныя шыры,
Тайгі неабдымны спакой,
Як дзікія гусі у вырай
Высокай лятуць чарадой.
Прыгадваю ўсіх вас пайменна,
Герояў вялікіх работ,
З кім лавы бурылі адменна,
Крышылі цвярдыні парод.
Прайшоўшы дарогаю мужных,
Пазнаўшы і радасць і сум,
Цану таварыству і дружбе
Я ў сэрцы трывалым нясу.
Хаджу я, сябры, і ў разведку
Адшукваць пылок залацін.
Як шмат самародкаў, і рэдкіх,
Мне тут давялося знайсці!
Шукальнік шукаць не забудзе,
Дзе б ногі яго ні прайшлі,
А золата гэтае — людзі
Цудоўнае нашай зямлі!
1958