Вятроў павеўных з поўдня подых цёплы,
Уздых зямлі, абуджанай ад сну,
На залатых ствалах жывіцы кроплі,
Нібы вясны аздобы з бурштыну;
Птушыны хор — лясоў рознагалоссе,
Гул крыгалому, раніц халадок,
Усё ў адну сімфонію злілося,
Усё сплялося у адзін клубок.
Зямля гудзе. Зямля пяе ўрачыста,
Як песню песень гучны гімн жыццю.
Не дасць спачыну поступ той вячысты,
Не дасць дарогі памяць забыццю.
Бо ён жыве жывы ў душы народа,
Не волат з казкі, а звычайны, свой,
Суздром зямны, надзелены ад роду
Арліным вокам, яснай галавой.
Таму, прайшоўшы тракты крыжавыя
Праз прах і попел, едкі дым вайны,
Мы з ім гаворым, як з жывым жывыя,
У светлы поўдзень сотае вясны.
І праз напевы — спевы веснавыя,
На міг спыніўшы неўтаймоўны час,
Мы чуем крокі Леніна жывыя,
Мы чуем родны голас Ільіча.
Вось мы ідзём на ўскрайку катлавана
З табой, равеснік мой немалады,
Зірні: тут заўтра ўстануць веліканы
З бетону, шкла. І тыя гарады
Заселіць густа племя маладое,
Што не гарэла ў вогнішчы вайны,
Што з першых дзён не зналася з бядою,
Што не насіла плям чужой віны.
Яму жывецца весела, прасторна,
Яму глядзіцца смела ў далячынь
Ці то з крутых вяршынь высакагорных,
Ці то з палескіх пушчаў і нізін.
І хтосьці з юных позірк мімалётны
Прыпыніць, можа, ўбачыўшы ў кутку
Музейны скарб — забытыя палотны:
Кубанку-шапку, маўзер на баку,
Тачанак лёт, віхор у конскіх грывах,
Прабіты сцяг над конніцаю той,
Дзе ўсё — імпэт адзінага парыву,
Дзе ўсё — рашучы і астатні бой.
Дзе мы праз дым, праз далі агнявыя,
Праз гучны кліч гарніста-трубача
Пачулі крокі Леніна жывыя,
Пачулі родны голас Ільіча.
Свет цішыні не знаў яшчэ ніколі,
Нібы вулкан жывы, ракоча час.
Па ўсёй планеце бой вядзе за волю
Народ усіх краін, плямёнаў, рас.
Гудзе зямля. І полымя напалму
Драконаў свой высоўвае язык
Сям-там, дзе цуд зямны — жывыя
пальмы —
Дзіцячы ловіць прадсмяротны крык.
Ці там, дзе рве блакіт Міжземнамор’я
Атрутны дым разбойнае ганні,
Ці там, дзе Крыж паўднёвага сузор’я
Глядзіць, як тонуць астравы ў агні...
Але стаіць, нібы уцёс, Гавана,
І ўзняў В’етнам высока алы сцяг,
І дзень ірдзее над далінай Збанаў,
І спяць тайфуны ў зарасцях трысця.
Дарма трасе падземны гул Неваду,
Дарма рве нетры скуты вадарод,
Зямля гудзе — ніхто не дасць ёй рады,
Ні бог, ні цар; адзін герой — народ!
І дзе б ні ўзняў ён роты баявыя,
І дзе б ён бой апошні ні пачаў,—
Ён чуе крокі Леніна жывыя,
Ён чуе родны голас Ільіча.
Шырокі свет. Даль тоне ў дымцы сіняй.
Свой ясны твар падставіўшы вятрам,
Усмешку шле краса зямлі — Расія,
З касою русай большая сястра.
А там, дзе стэн у марыве дыміцца,
Абвіўшы стан істужкаю Дняпра,
Плячо ў плячо з малодшаю сястрыцай
Ідзе Ўкраіна — родная сястра.
Тры маладзіцы, тры сястры-славянкі,
У крузе ўсіх дванаццаці братоў,
Яны ідуць шчасліва сінім ранкам
Да вышыні няскораных хрыбтоў.
Вядзе іх той, хто парадніў навечна,
Хто іх з’яднаў у дружную сям’ю,
Той, перад кім схіляе чалавецтва
У знак павагі галаву сваю.
Той, перад кім раскрыты нашы сэрцы,
З кім кожны дзень мы раімся ва ўсім,
Хто сам, прайшоўшы цераз грань
бяссмерця,
Напрамак верны паказаў жывым.
Таму ў дні свят і ў будні баявыя
Па ім звяраем мы заўжды свой час,
Бо чуем крокі Леніна жывыя,
Бо чуем родны голас Ільіча!
1970