Альгерд Абуховіч

Старшына

упершыню апублікаваны ў Беларускі календар «Нашай нівы» на 1915 г. − Вільня, 1915

Хоць які парадак дай,

Адно тое, братка, знай,

Што крутнёю ўсё пакруціш

I найлепша − збаламуціш.

Льва-манарха воўк прасіў,

Каб вайтом яго зрабіў.

Бо авечкі скрозь ў бязладдзі,

Вельмі шкодзяць ў панскім садзе

Ды і самі прападаюць,

Бо, як жыць, яны не знаюць.

І ліса за ім прасіла

(Яе жонка льва любіла).

Воўк з лісіцаю звязаўся

І, як можна, так стараўся:

Дзе прасілі, дзе ўздыхнулі,

Дзе гасцінца падаткнулі,

Каб дабіцца да медалі,

I плацілі, і стагналі...

Леў сказаў: − Ходзяць толкі,

Што авец з’ядаюць воўкі. −

І сазваць сказаў народ

На звярыны вольны сход,

Папытаць усіх звярат:

Воўк ці добры, ці ён гад?

Чыны важны ўсе прыйшлі,

Ўсё начальства тут было,

Ды прычыны не знайшлі,

Зла аб воўку не чутно.

Пад судом ён, бач, не быў

I з начальствам добра жыў,

Дык медаль пан войт надзеў

На авечы цэлы хлеў.

А авечкі што сказалі? −

Іх на сход зусім не звалі,

А ўпісана ў пратаколе,

Што “авечкам дана воля”.




Крыніца: Беларуская ліатаратура : Хрэстаматыя. Частка другая. (Другая палова XIX ст.) Дапаможнік для польскіх студэнтаў па спецыяльнасці "Беларуская філалогія" / Уклад. і камент. М. Хаўстовіча. Мн., 2006. - 204 с.

Беларуская Палічка: http://knihi.com