epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"А дні бывалі часта цеснымі..."

А дні бывалі часта цеснымі

Ад будніх клопатаў і спраў.

Здаралася: парою весняю

Мяне і смутак агартаў.

 

Ад мэты мары аддаляліся,

І шлях аблытвала туга.

І толькі туманы гушкаліся

На летам скошаных лугах.

 

А потым хмары расступаліся,

Знікалі змрок і туманы,

І мары з далечы ўсміхаліся

З прыходам сонца і вясны.

 

Я цешыўся жытнёвым коласам,

Табою летняй, сенажаць.

У салаўя вучыўся голасу

І радасць песні памнажаць.

 

Хоць дні бывалі часта цеснымі,

Хапала клопату і спраў...

Не ўсе свае дарогі веснія

Пад старасць я пазабываў.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.