epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"А мне, на жаль, за шэсцьдзесят..."

А мне, на жаль, за шэсцьдзесят,

Хаджу ўжо болей асцярожна.

Хаця й румяніцца закат,

З усходам параўнаць не можна.

 

Паўвека будаваў свой свет,

Для спраў не ведаў асцярогі. ...

Сяджу на прызбе, сівы дзед,

Каля бацькоўскага парога.

 

І нейкі хісткі змрок тугі

Плыве пад месяцам рагатым.

Ля Нёмна шэрыя стагі

Салодкай цішынёй абняты.

 

Не чутны птушак галасы,

Адна адной міргаюць зоры.

Тчэ месяц з зорак паясы

І іх вывешвае над борам.

 

Гатовы прасядзець да дня

Я ў тумановым ціхім дыме,

Пакуль ізноў не зазвіняць

Бярозы лісцямі сваімі.

За хараство пражытых дзён,

За тое, як цяпер жывецца,

Табе, зямля мая, паклон,

Падзяка ад душы і сэрца.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.