epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"А мне святло не трэба ўночы..."

А мне святло не трэба ўночы,

Каб бачыць, як закрыю вочы.

Я спаць магу ў сваёй старонцы,

Калі сцямнее і пры сонцы.

Ды як сябе ні сцерагу,

Падпільнаваць сон не магу.

 

Мне так здавалася калісьці,

Што буду я шаптацца з лісцем,

Пад шэпат іх, пад іх напевы

Я музыку спазнаю дрэваў,

Калі ж да іх свой ключ знайду,

На словы спеў перакладу.

 

Але як многа я не знаю,

Чым больш знаходжу, больш шукаю,

Заўжды трывогаю абняты,

Як завяршу свой дзень пачаты,

Якою музыкаю слоў

Услаўлю да жыцця любоў?

 

Не толькі днём, цяпер і ўночы

Свае не ашчаджаю вочы,

І час мінулы даганяю,

І ўжо забытае шукаю,

Але пра тое прамаўчу.,.

Што немагчымае хачу,


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.