epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"А мне ўсё часу не хапала..."

А мне ўсё часу не хапала,

Як сена для таго каня.

Душа садзіла, сэрца жала,

А мне было ўсё мала дня.

 

Хоць накасіў я шмат пракосаў,

Але не ўсе у копы згроб.

...Забыў хадзіць па травах босым,

Не ружы нюхаю, а кроп.

 

Ды што было, таго не будзе,

Складаць не мне цяпер стагі.

Над рэчкамі ў маторным гудзе

Унукі росцяць мурагі.

На іх уся мая надзея,

Што я не змог — ім давяршыць,

Каб справы нашы, нашы дзеі

Змаглі ў наступным жыць і жыць.

 

Яшчэ ў душы жаданняў многа,

І на планеце я не госць,

За родным бацькавым парогам,

Шляхі ў жыццё, па маладосць.

 

Свой час цяпер не разбазару,

Яго пад старасць я прыпас.

Радкамі разганю я хмары,

Што засцілі той даўні час.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.