epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"А мне здалося, што усё мінула..."

А мне здалося, што усё мінула,

Забылася, бур’янам зарасло,

А тут у сэрца раніца дыхнула,

І ўсё былое раптам ажыло.

 

І ўсе твае трывогі і няўдачы

Цяпер душу не гэтак закрануць,

Па-іншаму гатоў ты іх адзначыць,

У іншае адзенне апрануць.

 

І будзеш то дзівіцца, то смяяцца,

То наракаць часамі на сябе,

Што ты не змог, як трэба, разабрацца

У нечым добрым ці ў пустой жальбе.

 

Ці трэба наракаць?

Відаць, не варта,

Мінуламу не стаўлю я адзнак.

Каму з нас выпала якая карта,

 

Цяпер ужо не зменіш аніяк.

Таму не буду варушыць вуголле,

Душу праполваць ад падзей былых,

Старыя раны кратаць новым болем,

Калі ў гадах пражытых ён прыціх.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.