epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Абманулі мяне прадчуванні..."

Абманулі мяне прадчуванні,

Не збыліся ружовыя сны.

Адцвіло, дагарэла каханне

Нечакана ў закутку лясным.

 

Я ж бярог яго, думаў, навечна

Хопіць песень і казачных дзіў.

Ды патух аганёк той сардэчны,

Ціхі смутак ўва мне нарадзіў.

 

Я не следчы. Шукаць вінаватых

Я не буду. Не буду тужыць.

Чым жа рану на сэрцы залатаць,

Горкі боль на душы заглушыць?

 

Далікатная цацка — пачуцці

І каханне, як майскі той цвет,

Бушавалі, шумелі ў закуцці

І пагаслі, што ўспышкі ракет.

 

Шлях жыццёвы — адны летуценні.

Сёння ноч, заўтра радасны дзень.

Дзякуй шчасцю за слодыч імгнення,

За красу неўміручых надзей.

 

Прадчуванням не буду я верыць,

Спадзяванні ў душы берагчы.

Буду я ад самотнасці дзверы

Замыкаць на надзеяў ключы.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.