epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Агеньчык вачэй не тушу..."

Агеньчык вачэй не тушу,

Плачу за прыемнасць дабром.

Заходзь, калі ласка, ў душу,

Нібыта ў свой дом.

 

Тут радасці мала было,

Але не лілося і слёз.

Гарнуў я да сэрца цяпло

І песні бяроз.

 

Спявалі завеі не раз,

Ігралі на скрыпках вятры.

Вясна! Мною пройдзены час

З душы не сатры.

 

Не крыўджуся я на гады,

Не попел яны і не дым,

Свае ўсе займаюць рады

У сэрцы маім.

 

Не цесна ім будзе ў мяне.

Той лепшы, той горшы крыху.

Усё я — і радасць і гнеў —

Сабраў пад страху.

 

Я вернасць радзіме пранёс

Праз буры і ўсе перуны.

Паклон табе, вогненны лёс

І слодыч вясны.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.