epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Ажываюць даўнія трывогі

Зараслі ўспамінамі дарогі,

Я пралажу,

Быццам праз хмызняк,

Праз свае даўнейшыя трывогі,

Каб прабіцца неяк на бальшак.

 

Зараснік мяне ў бакі адводзіць.

Дзе сляды былыя?

Не знайсці.

Як жа мог па гэтай я выгодзе

Гэтак незаўважана прайсці!

 

Час прыносіць змены.

Час мяняе

Кожны воблік, кожную красу.

Што было, я ў сэрцы захаваю,

Маладым і светлым пранясу.

 

Мне здавалася,

Што да драбніцы

У душы і сэрцы зберагу

Даўні гоман сосен, плёск крыніцы,

Сон, што сніўся ў свежым мурагу.

 

Мне здавалася...

Час змены ўносіць,

І нанова я гляджу на свет.

Час надзеі сее. Час і косіць,

І заносіць лёгкім пылам след.

 

Зараслі ўспамінамі дарогі,

Бачу я той зараснік густы. ...

Ажываюць даўнія трывогі,

Б’юцца партызанскія франты.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.