epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Бывалі ночы і такія дні..."

Бывалі ночы і такія дні,

Што перабыць іх не было надзеі.

Бо так душу абпальвалі агні,

Што нават думкі ў сэрцы халадзелі.

 

На ўцеху, дзён такіх пражыў няшмат,

Іх час да восені маёй згрувасціў,

Сабраў, як вецер лісце ў лістапад,

Каб хоць крыху маё азмрочыць шчасце.

 

Але агонь жыццёвы не патух,

А падыміў крыху, крыху пачадзіў.

Я перамог нашэсце злосных скрух,

І сонца зноў на покуце ва ўладзе.

 

Няхай пацешацца вятры крыху,

Вясна надыдзе ўслед за непагодай,

Пакліча зноў пад зорную страху

У новыя маршруты і паходы.

 

Калі ж ўваб’ецца ўсё-такі бяда,

Перабярэ і жылы ўсе і косці,

Ну што ж, пачухайся, ў тваіх гадах

Яно бывае. То ж не ў маладосці.

 

Як чалавека ні кідае лёс,

Што прыпадзе на долю — перабудзе.

Не ўсе, відаць, я мары перарос,

І шмат наперадзе звычайных будзе.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.