epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Хіба можна мне шклянкай вады..."

Хіба можна мне шклянкай вады

Патушыць тое вогнішча ў сэрцы,

Што раздзьмухалі смела гады,

Калі полымя к выйсцю імкнецца?

 

І калі ўжо з маленства гарыць

Той агонь непагасным пажарам,

Дык яго і не варта тушыць,

Хай цяплом сагравае ён мары.

 

Тых пачуццяў, што ўжо адцвілі,

Тых надзей, што згубіліся ў травах,

Я насенне не сею на беднай зямлі,

Не кашу на душы я атаву.

 

Я хачу паўзрываць дзірваны,

Папаліць рэшткі хламу і друзу,

Каб саюз маіх год і вясны

Быў сапраўдным сяброўскім саюзам.

 

Нас удалеч і клічуць, і вабяць агні.

Ах, як недзе там светла і гожа!

Ты імкніся туды, дагані

Яснату, абудзі бездарожжа.

 

Мне не трэба ніякай вады,

Хай гарыць тое вогнішча ў сэрцы,

Што раздзьмухалі смела гады,

Няхай полымя з сэрца праб’ецца.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.