epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Дарог патаптаў я нямала..."

Дарог патаптаў я нямала,

Іх, пэўна б, хапіла на трох.

Жыццё мяне часта кідала

У край небяспек і трывог.

 

Куп’ё мне было за падушку,

За коўдру асенні туман.

Шукаў сваю сінюю птушку

На ўлонні лясных я палян.

 

Куток абжываў не абжыты,

Сяброў я не ўводзіў у зман.

Не з каменю ж быў я адліты,

Хапала балючак і ран.

 

Не слаў на жыццё я даносаў,

Аднолькавы чорт мне і бог.

Лячыўся у траваў і росаў,

З сваіх не сыходзіў дарог.

 

Дарог патаптаў я нямала,

З дарог тых шмат песень збярог,

Што сэрца маё захавала

Пра край небяспек і трывог.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.