epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Гады ляцяць. А дні праходзяць..."

Гады ляцяць. А дні праходзяць

Зусім няспешнай чарадой.

І ты жывеш не ў гэтым годзе,

А новай цешышся зарой.

 

І гэтак хутка час мінае,

Кудысь сплывае ў далягляд,

Што нават хвілі не хапае,

Каб мне агледзецца назад.

І ад таго і добра, можа,

Што ўраўнаважан ты заўжды,

Што потым толькі ўжо трывожаць

Душу пражытыя гады.

 

Глядзіш і бачыш каля хаты —

Не саджанцы і не кусты.

Сігнулі дрэвы ў рост цыбаты

Пад зелянінай з лістаты.

 

І кожны раз неспадзявана

І днём і ў засені начэй

Стаіш, жыццём зачараваны,

Не зводзіш з хараства вачэй.

 

Калі табою дзень пражыты

Па абавязку дабраты,

Не будзеш на сябе сярдзіты,

Тым днём здаволен будзеш ты.

 

Даўно закон сяброўства зведаў

На радасці і на журбе.

Спачатку памажы суседу,

Пасля ўжо думай пра сябе.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.