epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Галоўнае было — прывыкнуць..."

Галоўнае было — прывыкнуць.

І прывыкаў я пакрысе

К птушынаму на небе крыку,

К халоднай восеньскай расе.

 

Хоць сэрцу і было тужліва

І непагодліва крыху,

Свае надзеі палахліва

Не гнаў пад цёплую страху.

 

Заўсёды рады зменам часу,

Бо адчуваеш, як жывеш.

Адразу розніцу, акрасу

Між месяцамі пазнаеш.

 

І прывыкаеш, прывыкаеш

Цярпець і белы нават верш.

Не толькі казачнаму Маю,

Пашану Снежню аддаеш.

 

Таму праслаў, прырода, працу,

Законы ўстанаві свае.

Няхай у час дажджы дажджацца,

А сонца ходзіць па жніве.

 

Адно заўжды крыху журботна,

Ды выйсця іншага няма,

Праводзіць птушак пералётных

У вырай ад цябе, зіма.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.