epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Гарэла сонца за акном..."

Гарэла сонца за акном,

Дзесь выскалялася няўдача.

Хадзіла хата хадуном

То з рогату,

То з плачу.

 

Нічога ў гэтым не было

Ні вельмі добрага,

Ні злога.

У хату я сяліў цяпло,

Гнаў гора ад свайго парога.

Не так праходзіла жыццё,

Як абяцалі сэрцу мары.

То тухнуў,

То гарэў касцёр,

То светла скрозь, то вокал хмары.

 

Не раз патыліцу я шкроб,

Не раз было мне не да смеху,

Вёў бой з натоўпамі хвароб,

З няшчасцем розным і няўцехай.

 

Бяду я аб’язджаў канём,

Набыў сабе на ўцеху жарты.

 

Ну, памяркуйце, што б мой дом

Без гэтага ўсяго быў варты!

 

Вось так, кажу, мы і жывём,

І жыць не ўмею я іначай.

Калі спяваецца — пяём,

Але перад бядой не скачам.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.