epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Гавораць: старасць — мудрая пара..."

Гавораць: старасць —

Мудрая пара,

У ёй развагі шмат і асцярогі.

Спакойная вячэрняя зара

Прыцішвае надзеі і трывогі.

 

Што ў сталасці не той ужо імпэт,

Што трэба абмінаць равы і ўзгоркі.

Глядзець паважна

На ўвесь белы свет,

Недасягальнай не дзівіцца зоркай.

 

Не так пакутаваць і не так гарэць,

Каб не здзяцініцца ў старых гарэзах,

Надзеямі і жыць

І сонцам грэць

І са сваёй званіцы праўду рэзаць.

 

Я больш люблю вясеннія віры,

Чым восені даспелай раўнавагу,

Калі шалеюць з радасці бары,

Калі зямля ўся

Пад юначым сцягам.

 

Хаця цяпер прыцішваю хаду,

Ды адцвілі ў душы

Не ўсе жаданні.

З вянком надзей наперад я іду

Са старасцю сваёю на спатканне.

 

Калі вятры сарвуць з нябёс зару,

Прыйду да мудрай старасці я ў госці

На самую высокую гару

І зблытаю я

Старасць з маладосцю.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.