epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Гэтакі ўтульны дамок на гары..."

Гэтакі ўтульны дамок на гары.

Вабіць ён, кліча: — Зайдзі, калі ласка!

Пэўна, цікавыя ў ім жыхары,

З песні вясёлай, чароўнае казкі.

 

Нас да той цацкі, да казачкі той,

Як экскурсантаў, вядуць піянеры.

Цуда — не домік, над Нёмнам-ракой,

Вокны да столі, распісаны дзверы.

 

Я захапленне выказваю ўслых:

Мы зачарованы, мы ўсхваляваны!

Казачны домік той з песень і кніг

Бібліятэкай вясковай названы.

 

Домік той з кветак, вясенняй зары,

З ясных усмешак, вясёлых карункаў.

Будзе для нашае ён дзетвары

Вечна жывым, дарагім падарункам.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.