epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Голад — не цётка

А я касіў, і жыта жаў,

І за драчом ганяўся.

А ён, той драч,

Мяне стамляў,

А я? А я злаваўся.

 

Цыбаты, даўганогі драч,

Даруй цяпер старому,

Па хлебу быў у хаце плач,

А ты ж тады быў скорам.

 

Загончык вузкі

З маці жну

Перад світальным небам.

Здаецца, сонца праглыну,

Яно ж, як бохан хлеба.

 

А перапёлкі прад зарой

Свае спяваюць песні.

Туман, нібыта сырадой,

Ты ж з голаду —

Хоць трэсні.

 

Дзіцячы не забыць адчай

На тым іржышчы колкім...

А не злавіў я ні драча,

Ні ў жыце перапёлкі.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.