epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Я быў заняты справамі жыцця..."

Я быў заняты справамі жыцця,

Таму І да хадзьбы не прыглядаўся.

Ішоў спакойна ўдалеч, у прасцяг

І толькі час ад часу прыпыняўся.

 

Не выдумляў, а жыў, як людзі ўсе.

Не пазычаў людзьмі сыграных роляў.

Не думаў папярэдне аб красе,

Аб нейкай лепшай, прыгажэйшай долі.

 

З малых гадоў я справу з пугай меў,

З вясны да восені — пастух вясковы.

Зімой за школьнай партаю пацеў,

Каб кніжнай мудрасці спазнаць асновы.

 

Калі больш цвёрда ўжо на ногі стаў,

Вучыўся сельскую не ганьбіць марку:

І малаціў, і сеяў, і араў,

З няхітраю спраўляўся гаспадаркай.

 

Наперад я нідзе не вытыркаў

Хрышчоную зямлёй сваю асобу,

На ўласную ўсё сілу налягаў,

На сілу, што была юначай пробы.

 

Але прайшлі, пракрочылі гады.

Я не збіраюся судзіць іх строга.

Дзе ссечаны, а дзе шумяць сады,

А дзе пуцін няходжаных замнога.

 

І трэба жыць з людзьмі! I не тужыць,

Хаця нялёгка ўсе надзеі здзейсніць.

Жыццё ідзе. І хутка час бяжыць,

Бязбожна ён старыя мары крэсліць.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.