epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Я хацеў бы так пражыць..."

Я хацеў бы так пражыць,

Каб душою не астынуць,

Не ў жыцця забраць усё,

А сваё жыццю пакінуць.

 

Што ж пакінуў, што збярог

Я для дзён сваіх асенніх?

Той жа за ракой мурог,

Жоўты клён на прыгуменні.

 

А ці жыў я, ці не жыў?

Трэба, мабыць, аглядзецца,

На якой цяпер мяжы

Маладосць мая пасецца.

 

Праімчаліся гады,

Як шалёныя, прабеглі

Праз палеткі, праз сады,

Праз палацы з белай цэглы.

 

Дзе ж пражытае знайсці?

Не шукаць жа ветру ў полі.

Пераплецены ў жыцці

І мой шлях і мая доля.

Што ж табе я даў, зямля?

Што сваё пакіну людзям?

Гэта некалі, пасля,

Зразумела ўнукам будзе.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.