epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Я хачу весяліцца, спяваць..."

Я хачу весяліцца, спяваць.

Што такое са мной, я не знаю.

Надышла мне часіна кахаць.

Я не сплю, я тужу, я кахаю.

 

Я вяселле гуляю тры дні,

Хоць і п’ю, ад кахання цвярозы.

Грае музыка, ззяюць агні,

А з вачэй маіх коцяцца слёзы.

 

Ходзіць шчасце са мной па зямлі,

З ім я ўсё па-інакшаму бачу.

Мне кватэру сягоння далі,

Выціраю я вочы, я плачу.

 

Што хацець мне і што мне жадаць,

Гэтак хораша стала на свеце,

А чаму ж трэба з болю крычаць,

Як на свет нараджаюцца дзеці?

 

Як закончу я спеў аб жыцці,

Як паставіцца кропка маршруту,

Я хацеў бы ў нябыт адысці

Без традыцый старых, без пакутаў.

 

Я люблю свой Наднёманскі кут,

Маё сэрца ён чарамі ўласціў.

Я пазбыцца хацеў ад пакут,

А яны ходзяць разам са шчасцем.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.