epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Я іначай не умею

Не цярплю я людзей,

Каму лёгка жывецца,

Хто не росціць надзей,

А да славы ірвецца,

 

Хто як труцень жыве,

Ні на што не зважае,

Нават з горла ірве,

Не сваё спажывае.

 

Ёсць такія яшчэ,

Што з дабром не ва ўладзе,

І бядой апячэ,

І нахлусіць, і ўкрадзе.

 

Не баюся бяды,

Як яна ні лютуе,

Мяне праўда заўжды

Ад няшчасця ратуе.

 

На ману не маўчу,

Не дам волі зладзею.

Я інакш не хачу,

Я іначай не ўмею.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.