epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Я люблю таямнічасць вачэй..."

Я люблю таямнічасць вачэй,

Васільковы іх сказ нетаропкі.

Я не знаю, што ставіць ямчэй,

Запытальнік ці тлустую кропку.

 

Запытальнікаў шмат у жыцці.

А чаго? А чаму? А навошта?

Спрабаваў я адказы знайсці,

Ды знайсці ўсе адказы не проста.

 

Чалавеку не хопіць жыцця,

Каб праявы яго растлумачыць,

Каб жыцця няўміручага сцяг

Па-жыццёваму мудра адзначыць.

 

Я іх блытаў. Я з сэрца сціраў

Ці глядзеў, як нявольнік на краты.

Чым пытальнікаў больш я збіраў,

Тым быў больш прад сабой вінаваты.

 

Каб пытальнікі ўсе скасаваць

Ці пайсці навучацца нанова,

Каб для кожнага з іх адшукаць

Тлумачальнае пэўнае слова.

 

Калі што не магу зразумець,

Я пытальнік абходжу, як можна.

Каб бяды там якой мне не мець —

З пунктуацыяй я асцярожны.

 

Я люблю таямнічасць вачэй,

Васільковы іх сказ нетаропкі.

Знаю я, што паставіць ямчэй

Будзе мне не пытальнік, а кропку.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.