epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Я нічога не шкадую..."

Я нічога не шкадую

І нямногага хачу.

Толькі песню веснавую

Да сябе не прыручу:

 

Хай жыве, пяе, смяецца,

Нібы сонечны прамень,

Хай усцешыць маё сэрца

У асенні хмуры дзень.

 

Я нічога не шкадую,

А ні смутку,

Ні бяды.

Я са словамі вандрую,

Не тамлюся ад хады.

 

Мне, асенняму,

Не спіцца,

Не хачу праспаць вясну,

Гукі срэбранай крыніцы

Я зімой сцюдзёнай сню.

 

Я нічога не шкадую,

З сэрца радасці не рву,

Па сваёй зямлі вандрую

І надзеямі жыву.

 

Я люблю напеў таполяў,

Шэпат клёнаў і бяроз,

Зачарован жытнім полем

Я да радасці і слёз.

 

Я нічога не шкадую,

З песняй па жыцці вандрую.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.