epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Я не баяўся памыліцца..."

Я не баяўся памыліцца

І заблудзіцца між бяроз,

Я не саромеўся журыцца,

Не паважаў я толькі слёз.

 

Калі ў слязах людзей пабачу,

Дык устрымацца не магу,

Па самай праўдзе з імі плачу

І падзяляю боль, тугу.

 

Ва ўсіх я справах памяркоўны,

Патрэбна дапамога — дам.

То ж гора, выпадак раптоўны,

Як-небудзь абыдуся сам.

 

Заўсёды хітрасці, падману

Нідзе не саступаў дарог,

Ад іх атруты і туману

Жыццё людское я бярог.

 

Я на ўзлессі стаю веснавым.

На Капыль прабягае дарога.

Задаволен я лёсам сваім,

І мне лёсу не трэба другога.

 

Шуганулі пад сонца бары

На пяску, на збяднелым падзоле,

Прынясуць нам лясныя дары

У асеннім пярэстым прыполе.

 

З захапленнем гляджу на паркаль

Гэтых ніў неаглядна шырокіх.

Гоніць вецер хмурынкі ўдаль

Па блакітных нябёсах высокіх.

 

На палетках шуміць збажына,

Вецер жыта, як мора, гушкае.

Перайшла ўжо у лета вясна,

Сонца хлеб залаты выспяляе.

 

Я нямею, бы сам я ў даўгу,

Перад гэтай жывой прыгажосцю.

Што з таго, што прызнацца магу,

Што бываю не частым тут госцем.

 

Будзе вечна жыццё красаваць,

Будуць сцежкі пылець палявыя,

Будуць людзі і сеяць, і жаць,

Ну дык што ж, што не мы, а другія.

 

Я з палеткаў зусім маладым

Пачынаў сваю ўдалеч дарогу.

Задаволен я шляхам сваім,

І не трэба мне лёсу другога.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.