epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Я не хапаюся за восень..."

Я не хапаюся за восень,

Зіму з марозам не кляну,

Прыроды слаўлю сугалоссе,

Тваю, наш Слуцак, старану.

 

Ты пастушка калісь уразіў

Сваёй някідкаю красой.

Сатканы з паясоў і сказаў

Шляхі гісторыі тваёй.

 

К табе з Пясочнага я бегаў

За шлях няблізкі, завідно,

Хоць без яды, хоць без начлегу,

А ўбачыць першае кіно.

 

Лічыў цябе я адмысловым,

Другіх не знаў жа гарадоў.

Здаваўся ты шматпавярховым

З цагляным лесам каміноў.

 

І стаў ты горадам сапраўдным,

Нас вабіш да сябе здалёк.

Жыве ўва мне той старадаўні

Над Случчу ўтульны гарадок.

 

Я слаўлю лета, слаўлю восень,

Зіму з марозам не кляну,

Люблю прыроды сугалоссе,

Народных мсціўцаў старану.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.