epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Я не хаваўся за развагай..."

Я не хаваўся за развагай

І не шукаў перасцярогі,

Глытаючы з юнацкай прагай

Жыцця нязнаныя дарогі.

 

Ні аб шырокіх, ні аб вузкіх

Не меў ніякага ўяўлення.

І кожны дзень быў не нагрузкай

Адкрыццем новым і здзіўленнем.

 

І гэтак, даючыся дзіву,

Красе людской, красе прыроды,

Прайшоў я па шляху рупліва

Шырокім чалавечым ходам.

 

А ні калдобін, ні выбоін

Не абышоў я на дарозе.

Ішоў, нібы праз поле боя

Салдат па клічу і трывозе.

 

І што ж! Не каюся, паверце,

Што гэтак у жыцці збылося.

Працуй і непакойся, сэрца,

На тое ж ты людзям далося.

 

Я не хаваўся за развагай

І не шукаў перасцярогі.

Яшчэ не знікла з сэрца прага

Шукаць далёкія дарогі.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.