epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Я не лічу страшэннаю заганай..."

Я не лічу страшэннаю заганай,

Што ўсё не ўмею, не магу

Узважваць вецер, і туманы,

І бляскат рос на мурагу.

 

Я не шукаў такія вагі,

Якімі ўзважваць бы я мог

Запасы мудрасці, адвагі,

Красу нябёс і даль дарог.

 

Сумленна ў гэтым прызнаюся:

Я вагаў гэткіх не шукаў,

Таму і каюся, вінюся,

Што ад жыцця крыху адстаў.

 

Як вывучаць жыццё паеду

Ці так на рэчку, па грыбы,

Дык папрашу свайго Міхеда,

Каб тыя вагі мне набыў.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.