epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Я не спыніўся на распуцці..."

Я не спыніўся на распуцці,

Хоць мар вяснянасць перарос.

Не прытупіліся пачуцці,

Не перайначыўся мой лёс.

 

Хоць сівізна кранула скроні,

Прыкметны восені сляды,

Яшчэ не па жалезнай броні

Мне адпускаюцца гады.

 

Яшчэ вятры адбой не трубяць,

Мой не азмрочваюць настрой,

Яшчэ мяне дарогі любяць,

І дзень са мной, і ноч са мной.

 

Яшчэ сабой хваліцца ўмею

І што люблю, тым даражу.

І хоць павольна я старэю,

Але па гэтым не тужу.

 

Сябе ў сучаснай маладосці

Знаходжу я і пазнаю.

Збяру к сабе надзеі ў госці,

Пасля сябрам параздаю.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.