epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Я перапоўнен захапленнем

Было. Адольвалі сумненні,

I нерашучасці хапала,

Не расцвітала захапленне,

І нават мара памірала.

 

І пустата за гаспадыню

Бывала ў сэрцы не аднойчы.

Сваю згубіўшы пуцявіну,

Я па чужым шляху не крочыў.

 

Стаяў на дальнім скрыжаванні,

Асалавелы і пахмуры,

Пакуль прабілася світанне

І змрок параскідала бура.

 

Бяда, калі не тая ласка

Маною ліпкаю агорне,

Калі ў сваю прабіцца казку

Табе пакутліва і горна.

 

Часы я тыя не са злосцю,

Але з журбою ўспамінаю.

Чаго ў няспелай маладосці

З людзьмі раптоўна не бывае?!

 

Даўно я перажыў сумненні,

Не ў сілах перажыць жаданні.

Я перапоўнен захапленнем,

Жыццё ўспрымаю з хваляваннем.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.