epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Я вандраваў па днях свайго жыцця..."

Я вандраваў па днях свайго жыцця,

Калі хвароба к ложку прыкавала.

Багаты змераў за гады прасцяг,

Што ж для ўспамінаў

Памяць прыхавала?

 

Схіляю перад імі галаву,

Падзеі даўнія ў душы шукаю.

Хаця не імі я цяпер жыву.

У днях у тых,

Нібы ў бары, блукаю.

 

Спыняюся,

У забыцці стаю

На нейкім невядомым скрыжаванні,

Сваіх юначых год не пазнаю,

Гляджу на іх з сардэчным хваляваннем.

 

Яны мяне забралі ў свой палон,

Шумліваю гурбою абступілі.

І коціць рэха

Той далёкі звон

У даль нязнаную па небасхіле.

 

І зноў вясна.

І зноў цвітуць сады,

І я ў гадах няздольны разабрацца.

Мне час пражыты здаўся днём адным,

Па чым жа мне тужыць, з чаго смяяцца?

 

Я вандраваў па днях свайго жыцця,

Як быццам сам у нечым вінаваты.

Зірнеш — і ладны змераны прасцяг,

А колькі спраў на свеце непачатых?


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.