epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Я захапленнем адкрыцця..."

Я захапленнем адкрыцця

Заўсёды даражу.

І светлай радасці жыцця,

Нібы салдат, служу.

 

Служу і цешуся зямлёй,

Травінкай, каласком,

Хоць не вясенні месяц мой

Стаіўся пад акном.

 

Але сябе не выдаю,

Утойваю гады,

Што звезлі маладосць маю

Няведама куды.

 

І не прыкмеціў я, калі

Адцвіў мой пышны чуб,

Калі мы з восенню ўзялі

Свой памяркоўны шлюб.

 

Я не дайду да забыцця

Апошняе мяжы,

Не страчу смаку пачуцця,

Пакуль патрэбна жыць.

 

А значыць, буду забываць,

Што пад вачмі кругі

І што на мне ляжыць пячаць

Вячэрняе тугі.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.