epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Як пабачыш тую ўсмешку..."

Як пабачыш тую ўсмешку,

Што за сонейка ярчэй,

Не забудзеш к сэрцу сцежкі,

Не забудзеш ты вачэй.

 

Як случчанка засмяецца,

Як гаворку завядзе,

У палон патрапіць сэрца,

Сэрца ў хлопца прападзе.

 

Сад у цвеце, луг зялёны,

Як мне песень не спяваць.

Са шчаслівага палону

Не хачу я уцякаць.

 

Выбірай дзяўчыну ў Слуцку,

З ёю ты не прападзеш,

Па-сяброўску ды па-людску

Да стагоддзя дажывеш.

 

Дык шукай такую ўсмешку,

Што за сонейка ярчэй.

Для кахання сваю сцежку,

Тое полымя вачэй.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.