epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Каб я сябе пашкадаваў..."

Каб я сябе пашкадаваў,

Пазбавіў некага увагі,

Куды б тады я падзяваў

Жыццёвую няўмольнасць прагі?

 

Ступаць яшчэ, хадзіць яшчэ,

Вясны юначай дачакацца,

Пакуль у жылах кроў цячэ

І здольна сонца красавацца.

 

І ні навошта не зважаць,

Цярпець смугу для дзён вясенніх,

Каб і пасеяць і пажаць,

Свае падзейсніць летуценні.

 

Нязбыўных не трывожу мар

І панікі ў душы не грэю.

Я не тушу стары пажар,

Які ўжо не гарыць, а тлее.

 

Мне зоры промні шлюць здаля.

Ляжыць прад мною шлях пражыты.

Няхай ляціць, ляціць зямля

Сваёю мірнаю арбітай.

 

Няма чаго мне шкадаваць.

Час прамінуў, і песні спеты.

Не буду мары пазычаць

У жоўтай восені для лета.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.