epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Калі зазвінелі аўсы

У срэбных абдымках расы

Лугі за ракой прыцішэлі.

Калі зазвінелі аўсы,

Тады і арэхі даспелі.

 

Прыкмет не збіраў я старых,

Яны мне з маленства вядомы.

Люблю я блукаць па бары,

Я ў лесе заўсёды, як дома.

 

Арэшнік, як шчотка, густы

Расце на Асовай палянцы.

Спяліў я арэхаў кусты

На той Неманецкай дзялянцы.

 

Вавёркі хадзілі сюды,

Яны да тых зернетак ласы.

Каб добра пражыць халады,

Яны сабе ладзяць прыпасы.

 

Калі дап’е сонца расу

І ў лес з поля выбяжыць рэха,

Дык я цэлы мех прынясу

Унучцы даспелых арэхаў.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.