epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Крыніц не трэба каламуціць..."

Крыніц не трэба каламуціць,

Кранацца сэрца чысціні.

Наіўная паэзія пачуццяў

Жыве ў асенняй цішыні.

 

Іх шмат стаптана, не прынята,

Забыта музыка надзей.

Сарваў я, помню, руту-мяту

На шчасце ў непагожы дзень.

 

Куды пабегла тое шчасце!

Яму не выбіраць дарог.

І ні пазычыць, і ні ўкрасці

Яго дагэтуль я не змог.

 

Старых мелодый я не ганю,

Загана ў іх мне не відна.

За што павінен лаяць каню,

Што песенька ў яе адна?

 

Дык і ў мяне адна заўсёды,

Я праз гады яе пранёс.

Шмат варыяцый, шмат мелодый,

А пра адзін і той жа лёс.

 

Крыніц не будзем каламуціць,

Ахоўваць сэрца чысціню.

Гучы, паэзія пачуццяў,

Ірвіце, песні, цішыню.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.