epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Ля раўчука не часта я спыняўся..."

Ля раўчука не часта я спыняўся,

Калі патрэбы не было мне ў ім.

І як люстэркам ім не карыстаўся,

Не любаваўся воблікам сваім.

 

І не крычаў аб нейкай перавазе

Сваёй персоны. Быў я сам сабой,

А хараство заўсёды меў на ўвазе

Любой былінкі, кветкі палявой.

 

Дзяўчат не крыўдзіў, не дражніў ніколі,

Сабе на небе зор не выбіраў.

Былі ва мне, са мной і лес, і поле,

І россыпы замілаваных траў.

 

І мне здавалася, што быў я шчырым,

Ну як травінцы, дрэўцу я схлушу?

Тужлівай песняй мне заўсёды вырай

Балюча кроіў сэрца і душу.

 

І па якіх дарогах я ні крочыў,

Куды б мяне ні клікалі гады,

Калі бядзе сваёй глядзеў у вочы,

Яна ўцякала ад мяне тады.

 

Цяпер ля раўчука гатоў спыніцца,

Ён не раўчук плюскаты, а рака,

Вады крынічнай лекавай напіцца,

Пабавіць час свой з вудай рыбака.

 

І я паеду, я пайду на Вусу

Блукаць па даўніх сцежках да відна,

Калі свае зялёныя абрусы

Вакол засцеле з радасцю вясна.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.