epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Люблю я вандраваць па белым свеце..."

Люблю я вандраваць па белым свеце.

Самому лепш убачыць, чым пачуць,

Як з хваляю марской гуляе вецер,

Як пальмы на экватары цвітуць.

 

Як свет вялікі, як неаднальковы,

Непараўнальны ўвесь зямны прастор.

Зялёны колер, жоўты, васільковы,

Зубцы гарбатых, як вярблюды, гор...

 

Хачу я быць вандроўнікам заўсёды,

Пабачыць свет крыху, яго спазнаць,

Каб аб жыцці далёкіх нам народаў

Свайму народу звонка перадаць.

 

Няхай ўдаль гады, як рэкі, льюцца,

З вандровак на Радзіму шлях бяжыць.

Бяда, калі няма куды вярнуцца,

Ды мне ніколі бежанцам не быць.


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.