epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Люблю заўсёды я чытаць..."

Люблю заўсёды я чытаць

Зялёную лясную кнігу.

Па-свойму дрэвы ўсе гучаць

У звонкі час і ў час адлігі.

 

А ты паслухай, зразумей

І прачытай гамонку бору,

Калі пад музыку завей

Свае ён пацеры гаворыць.

 

Калі перад навалай ён,

Каб зменшыць грукат перуновы,

У свой лясны сігналіць звон,

Выстрайвае самаахову.

 

Лясныя літары — сляды,

У словы іх я паскладаю

І пра жывёльны свет тады

Унучцы казкі пачытаю.

 

Чытаў я многа розных кніг,

Шмат забываецца патроху.

Найлепшаю лічу я з іх

Лясную кніжку — дрэў і моху.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.