epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Маладосць была кароткай..."

Маладосць была кароткай,

Непрыкметнай і нягеглай,

Прашумела, як паводка,

І кудысьці ўдаль пабегла.

 

Заблудзіла мая доля

Недзе на шнурочку чэзлым

Між старой сахой у полі

І між лемяшом жалезным.

 

Горкі час не мною створан,

Лаяць лёс няма патрэбы.

Мяне вывучыла гора

Паважаць кавалак хлеба.

 

Даражыць жыцця часінай,

Сонцу ўранку пакланяцца,

Прад радзімай быць павінным,

На сяброў абапірацца.

 

З дзён юнацкіх, з дзён далёкіх

Мазалю цану я знаю

І каля заводскіх вокан

Шапку з галавы здымаю.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.