epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Мінулае мной не кіруе..."

Мінулае мной не кіруе,

Няма ад яго мне пагроз.

Хоць трошкі, магчыма, шкадую,

Што мары свае перарос.

 

Былі яны поўныя сонца,

Нязнаных краін і дарог.

Канца не было ім і донца,

Таму іх не вельмі бярог.

 

Цішэлі, збываліся мары,

Ці трацілі вартасць сваю?

Гады ж не выносілі кары

За неберажлівасць маю.

 

Здавалася, іх не патрачу,

Не ўсе, як здабыткі, раздам.

Не меў я надзей на удачу

І зараз збянтэжыўся сам.

 

Мінулае мной не кіруе,

Яго я даўно перарос.

Я новыя мары гадую

І ім я прысягу прынёс.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.