epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"Мне яшчэ патрэбна даль..."

Мне яшчэ патрэбна даль,

Мне яшчэ патрэбны зоры,

Росаў чэрвеньскіх крышталь,

Гоман векавога бору.

 

Мне патрэбна рэчак плынь,

Срэбны месяц апаўночы,

Неба веснавога сінь

І маёй каханай вочы.

 

Я свой стог не давяршыў

Незабудкамі і мятай.

Я агонь сваёй душы

Не з усёй красой сасватаў.

 

Не ўсе словы я знайшоў,

Каб з іх можна было скласці

Песню пра маю любоў,

Пра нязнойдзенае шчасце.

 

Я не падганяю час,

Не забыў пра абавязкі.

Я ж не ўсе яшчэ прыпас

Для сваіх унукаў казкі.

 

Мне таму патрэбна даль,

Мне таму патрэбны зоры,

Росаў чэрвеньскіх крышталь

І вясёлы пошум бору.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.