epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

Мой бацька

Меў бацька талент не вялікі,

Усё патрошку ён умеў,

Старыя латаць чаравікі

І збудаваць гумно і хлеў.

 

Гушкаў плыты вясною Нёман,

Пакуль там будзе сенакос.

Без працы не сядзеў ён дома,

Цяжар жыццёвы моўчкі нёс.

 

Рыбак ён быў па ўласнай волі,

Ды толькі ў прахадныя дні.

Але ўжо што датычыць поля,

Яму тут не было раўні.

 

Тут разуменне, тут паняцце

Зямлі законаў і патрэб.

Яго аддзячвалі багаццем,

На стол духмяны клалі хлеб.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.