epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Астрэйка

"На зямлі няма дарог у мары..."

На зямлі няма дарог у мары,

Трэба іх пабудаваць,

Каб на нашым на зямным абшары

Казкі з неба прызямляць.

 

На зямлі няма мяжы надзеям,

Як жыццю няма граніц.

У людскія сэрцы іх мы сеем

Разам з подыхам зарніц.

 

У здзяйсненні бачым свае мэты.

Кожны радасці каваль.

Будзе і абжыта, і сагрэта

Намі заўтрашняя даль.

 

Нашы справы з мроямі ў суладдзі,

Без надзей не ўмеем жыць,

Калі мары смелыя ва ўладзе,—

Не даводзіцца тужыць.

 

Каб на мірным на зялёным шары

Радасць казак прызямляць,

На зямлі сваёй дарогі марам

Будзем дружна будаваць.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Астрэйка А. Ураджай цяпла: вершы. - Мн.: Маст. літ., 1978. - 128 с.